РУС БЕЛ ENG

Метадычныя рэкамендацыі па напісанні падрабязнага (навучальнага, кантрольнага) пераказу па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»

03.04.2023

Пераказ – традыцыйны від працы па развіцці звязнага маўлення. Ён дапамагае авалодаць маўленчай дзейнасцю на беларускай мове, садзейнічае выпрацоўцы ўменняў слухаць, чытаць, гаварыць і пісаць. У працэсе працы над тэкстам-арыгіналам вучні вучацца аналізаваць, сінтэзаваць, выдзяляць галоўнае, канцэнтраваць увагу на адных з’явах і абстрагавацца ад іншых. Тэкст-арыгінал дае магчымасць паказаць логіку пабудовы тэксту і спосабы аб’яднання моўных сродкаў у адзінае цэлае. Спасцігаючы традыцыі і магчымасці спалучэнняў слоў у сказы, сказаў у тэкст на матэрыяле ўзорных твораў, вучні маюць магчымасць засвоіць гатовы матэрыял, пераняць вопыт майстроў слова, каб карыстацца ім пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў. Паглыблены комплексны аналіз тэксту, які праводзіцца перад напісаннем пераказу, спрыяе павышэнню чытацкай культуры, выхаванню мастацкага густу. Акрамя таго, пераказ (вусны і пісьмовы) на ўроках мовы дапамагае вучням авалодаць агульнаадукацыйным (метапрадметным) уменнем, якое патрэбна ім на ўсіх уроках, а таксама ў жыцці: пераказ зместу параграфа, прачытанай кнігі, праслуханага паведамлення, прагледжанага кінафільма, спектакля і г.д. (пераказ у шырокім значэнні).

Праца над пераказам звязана з фарміраваннем як агульных, так і спецыфічных камунікатыўных уменняў. Першыя з іх носяць комплексны характар і маюць адносіны да любога віду пераказу. Такія ўменні звязаны са зместам, лагічнай пабудовай і моўным афармленнем выказвання, а таксама ўдасканаленнем напісанага:

- уменні, звязаныя з разуменнем зместу (слухаць і ўспрымаць тэкст, асэнсоўваючы тэму і асноўную думку, тып, стыль і жанр маўлення, логіку і паслядоўнасць выкладу, узаемаабумоўленасць тэм і падтэм, асаблівасці аўтарскага выкладу);

- логіка-кампазіцыйныя ўменні (складаць план, вызначаць спосаб і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце і г.д.);

- моўныя ўменні (адбіраць моўныя сродкі ў залежнасці ад тыпу, стылю і жанру, задач маўлення);

- уменне правіць тэкст, удасканальваць напісанае.

Іншыя ўменні носяць спецыфічны характар і звязаны з канкрэтным відам пераказу (падрабязным, выбарачным ці сціслым). Так, напрыклад, пры падрабязным пераказе неабходны наступныя ўменні:

раскрываць тэму і асноўную думку тэксту пэўнага стылю, тыпу і жанру;

паслядоўна выкладаць падзеі, не парушаючы часавых, прасторавых, прычынна-выніковых сувязей;

перадаваць логіку і кампазіцыю тэксту-арыгінала;

выкарыстоўваць моўныя сродкі ў адпаведнасці з камунікатыўнай задачай.

 

Методыка працы над напісаннем пераказу наступная:

1) чытанне тэксту пераказу;

2) комплексны аналіз тэксту, які складаецца са зместавага, стылістычнага, тыпалагічна-кампазіцыйнага аналізу і аналізу функцыянавання моўных сродкаў (пры напісанні навучальнага пераказу – з дапамогай настаўніка; пры напісанні кантрольнага / экзаменацыйнага пераказу – самастойна);

3) вусны пераказ тэксту (пры напісанні навучальнага пераказу);

4) паўторнае чытанне тэксту;

5) стварэнне першага (чарнавога) варыянта пераказу;

6) трэцяе чытанне тэксту (пры неабходнасці і толькі пры напісанні падрабязнага пераказу);

7) самаправерка, удасканаленне (рэдагаванне) напісанага.

Асаблівасцю комплекснага аналізу тэксту з’яўляецца тое, што тэкст разглядаецца па асноўных напрамках (змест, кампазіцыя, моўнае афармленне) на аснове маўленчых паняццяў.

Поўны комплексны аналіз тэксту ўключае:

зместавы аналіз: асэнсаванне загалоўка і яго суадноснасці з тэмай і асноўнай думкай (або вызначэнне тэмы і асноўнай думкі тэксту, падбор загалоўка, які перадаваў бы тэму ці асноўную думку тэксту); вызначэнне колькасці тэм, падтэм і мікратэм, спосабу і сродкаў сувязі сказаў і частак у тэксце;

тыпалагічна-кампазіцыйны: вызначэнне тыпу маўлення (вядучы тып, спалучэнне розных тыпаў); аналіз кампазіцыйнай схемы тэксту, вызначэнне судноснасці пачатку і канца;

жанрава-стылістычны: вызначэнне стылю і жанру маўлення, выдзяленне характэрных для канкрэтнага стылю і жанру моўных сродкаў і стылістычных прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца аўтарам для вырашэння пэўнай камунікатыўнай задачы.

З дапамогай пераказу ажыццяўляецца праверка ўзроўню валодання вучнямі камунікатыўна-маўленчымі ўменнямі і навыкамі, умення правільна і паслядоўна выкладаць думкі ў адпаведнасці з тэмай і задумай, выкарыстоўваць моўныя сродкі ў адпаведнасці са стылем, жанрам, тэмай і задачай выказвання.

У дадатку 5 да «Метадычных рэкамендацый па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі» рэгламентуецца аб'ём тэкстаў, прызначаных для напісання кантрольных работ у форме пераказу: V класе – 80–100 слоў, VІ – 100–120 слоў, VІІ – 120–180 слоў, VІІІ – 180–240 слоў, ІХ класе – 240–340 слоў.

У 2022/2023 навучальным годзе за перыяд навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі вучні будуць здаваць экзамен у форме пераказу. У якасці экзаменацыйнага пераказу прапануецца падрабязны пісьмовы пераказ. Аб'ём тэксту для экзаменацыйнага пераказу на выпускным экзамене адпавядае нормам для ІХ класа.

Падрабязны пераказ патрабуе ад вучняў узнаўлення тэксту-арыгінала ў той самай кампазіцыйнай форме з захаваннем асаблівасцей яго зместу. Задача пры падрабязным пераказе заключаецца ў тым, каб найбольш дакладна і поўна перадаць змест і жанрава-стылістычныя асаблівасці тэксту-арыгінала. Вучні спраўляюцца з гэтай задачай у тым выпадку, калі яны зразумелі тэму і асноўную думку тэксту, паслядоўнасць падзей і фактаў, колькасць тэм і падтэм, з дапамогай якіх разгортваецца змест, асэнсавалі тыпалагічную схему тэксту і яго жанрава-стылістычную прыналежнасць, моўныя сродкі, характэрныя для гэтага стылю маўлення.

Разгледзім методыку работы над напісаннем падрабязнага пераказу.

 

  1. Чытанне тэксту для пераказу.

Асноўная мэта першага чытання заключаецца ў тым, каб даць вучням цэласнае ўяўленне пра змест тэксту. Чытанне павінна быць дастаткова гучным і выразным. Яно не павінна перапыняцца тлумачэннем асобных слоў і выразаў, каб не адцягваць увагу вучняў і не перашкаджаць цэласнаму ўспрыманню сэнсу.

Зімовая раніца

Выйшаў раніцай з хаты на ганак і аж знерухомеў. Пад ботамі парыпвае свежы, пушысты снег. Ён белымі ахапкамі ляжыць на стрэхах, на яблынях і грушах. Аснежаныя белыя кусты нібы чародкі лебядзіныя. Чуваць, як шчоўкае мароз па сухіх жэрдках плота. Баяцца зварухнуцца дрэвы, хаця б ні пушыначкі, ні сняжыначкі не атрэсці са сваіх галін. Ім жа цяплей, ухутуўшыся ў белы пух.

Нібы яркімі чырвонымі вугалькамі, асыпана белая яблыня. Гэта так на ёй чырванеюць, іскрацца грудкі снегіроў.

Прыгажосць такая навокал!  (Паводле А. Бялевіча).

 

  1. Комплексны аналіз тэксту

У працэсе такога аналізу разглядаецца змест, кампазіцыя, моўнае афармленне тэксту.

Прапанаваны для падрабязнага пераказу тэкст з’яўляецца мастацкім апісаннем стану прыроды – карціны зімовай раніцы. Перадаючы сваё захапленне ад убачанага, аўтар стварае вобразную і эмацыянальную карціну. Змест і моўныя сродкі тэксту падпарадкаваны асноўнай задачы – паказаць з дапамогай моўных сродкаў прыгажосць зімовай раніцы.

Праца над зместам тэксту звязана з вызначэннем яго тэмы і асноўнай думкі (Якая тэма тэксту? Раскрыццю якой думкі падпарадкаваны тэкст? У якім сказе яна сфармулявана? Ці праводзіцца гэта думка праз увесь тэкст? Дакажыце гэта). У першым сказе вызначаецца тэма тэксту (зімовая раніца). У гэтым жа сказе акрэсліваецца і асноўная думка, перададзеная праз аўтарскія пачуцці. Сфармулявана ж гэтая думка ў апошнім сказе, што падкрэслівае эмацыянальнасць тэксту: Прыгажосць такая навокал! Асноўная думка прасочваецца ва ўсім тэксце, бо кожны сказ-апісанне пэўнага прадмета ці з’явы падкрэслівае прыгажосць і незвычайнасць зімовай раніцы.

Тыпалагічна-кампазіцыйны аналіз тэксту дазваляе выявіць, што для раскрыцця тэмы аўтар выкарыстаў пяць падтэм (сэнсавых частак). Першы сказ з’яўляецца уводным, у ім перадаецца агульнае ўражанне ад прадмета апісання. Усе падтэмы раскрываюць змест першага сказа і звязаны з ім паралельнай сувяззю, г.зн. кожны наступны сказ раскрывае, дапаўняе змест першага. У межах падтэм сувязь паміж сказамі паслядоўная: снег – ён, дрэвы – ім, яблыня – (на) ёй. Апошні сказ тэксту, канцоўка, выконвае вялікую сэнсавую нагрузку. У ім перададзена ацэнка ўбачанага і сфармулявана асноўная думка тэксту.

Будову тэксту можна перадаць з дапамогай плана і кампазіцыйнай схемы, якая дазваляле вучням не прапусціць сэнсавыя часткі тэксту, захаваць іх паслядоўнасць.

Прыкладны план тэксту

Кампазіцыйная схема

Уводная частка

Выйшаў на ганак і знерухомеў.

Агульнае ўражанне ад прадмета апісання.

Свежы, пушысты снег.

Белыя кусты нібы чародкі лебядзіныя.

Мароз шчоўкае.

Дрэвы баяцца зварухнуцца.

Яблыня асыпана, нібы чырвонымі вугалькамі.

Апісанне прымет прадмета ці з’явы:

а) снег;

б) кусты;

в) мароз;

г) дрэвы;

д) яблыня.

Прыгажосць такая навокал!

Ацэнка прадмета апісання.

 

Параўнанне плана і кампазіцыйнай схемы паказвае, што схема перадае толькі агульную будову тэксту (агульнае ўражанне ад прадмета – пералік характэрных прымет – ацэнка прадмета апісання), але дазваляе не прапусціць істотных у сэнсавых адносінах частак. План уяўляе сабой своеасаблівы тэкст, у якім прасочваюцца пэўная тэма і асноўная думка.

Аналіз моўных сродкаў многія метадысты раяць наладжваць на аснове выдзялення апорных (ключавых) слоў і выразаў. Сапраўды, такая праца дапамагае перадаць, а ў далейшым і ўзнавіць логіку і структуру тэксту-арыгінала. Удакладнім, што выбар такіх лексіка-граматычных структур залежыць ад тыпу маўлення. Так, для апавядальнага тэксту характэрны моўныя сродкі, што перадаюць паслядоўнасць, развіццё дзеяння ў пэўны прамежак часу, а для разважанняў – словы, з дапамогай якіх пералічваюцца доказы. У апісанні, якое звычайна з’яўляецца статычным, асноўную сэнсавую нагрузку выконваюць словы са значэннем якасці, ацэнкі. Кожнае з апісанняў прадметаў ці з’яў (снег, мароз, дрэва, яблыня) падаецца ў адпаведнасці з кампазіцыйнай схемай гэтага тыпу маўлення: называецца прадмет і даецца яго прымета.

Пры выпісванні з тэксту словазлучэнняў з якаснымі прыметнікамі, з дапамогай якіх перадаецца якасць прадмета ці даецца яму ацэнка, звяртаецца ўвага на захаванне жанрава-стылістычных асаблівасцей тэксту. Прыналежнасць тэксту да мастацкага стылю абумовіла выбар моўных сродкаў. Асноўную сэнсавую нагрузку ў тэксце выконваюць якасныя прыметнікі: свежы, пушысты снег; белыя ахапкі; аснежаныя белыя кусты; белы пух; яркімі чырвонымі вугалькамі; белая яблыня.

  1. Вусны пераказ тэксту

На наступным этапе адбываецца вусны пераказ тэксту, што дазваляе прааналізаваць вартасці і недахопы вучнёўскіх варыянтаў, вучыць аб’ядноўваць, сістэматызаваць матэрыял, адабраны ў працэсе працы над тэкстам, ужываць аўтарскія моўныя сродкі пры стварэнні ўласнага выказвання.

Пры абмеркаванні вусных варыянтаў звяртаецца ўвага на арганізацыю тэксту, размяшчэнне і ўзаемасувязь частак, на неабходнасць выкарыстання моўных сродкаў тэксту-арыгінала.

  1. Паўторнае чытанне тэксту

Паўторнае чытанне тэксту настаўнікам з’яўляецца абавязковым і праводзіцца пасля завяршэння комплекснага аналізу тэксту і яго вуснага пераказу (пры напісанні навучальнага пераказу) або праз 15-20 хвілін пасля першага чытання тэксту (пры напісанні кантрольнага пераказу). Яно дапамагае вучням аднавіць у памяці тэкст ва ўсёй яго паўнаце і паслядоўнасці, больш глыбока і дакладна яго ўспрыняць. Пры паўторным чытанні аналіз тэксту не дапускаецца.

  1. Стварэнне першага (чарнавога) варыянта пераказу

Праца вучняў па стварэнні першага варыянта пераказу ў чарнавіку.

  1. Трэцяе чытанне тэксту (пры неабходнасці)

Рашэнне аб неабходнасці трэцяга чытання тэксту пры напісанні падрабязнага пераказу прымаецца настаўнікам з улікам складанасці матэрыялу і ўзроўню падрыхтаванасці класа. Трэцяе чытанне тэксту праводзіцца не раней, чым пасля ½ часу, прадугледжанага на напісанне пераказу.

  1. Самаправерка, удасканаленне (рэдагаванне) напісанага

Пасля напісання пісьмовага варыянту пераказу вучні рэдагуюць (паляпшаюць) напісанае, звяртаючы ўвагу на змест, кампазіцыю і моўнае афармленне выказвання, яго адпаведнасць літаратурным нормам сучаснай беларускай мовы.

Праца з тэкстам прадугледжвае праверку логікі выкладу, пазбаўленне неапраўданых паўтораў, зняцце магчымых лагічных супярэчнасцей, выпраўленне недакладнага ўжывання слоў. Вынікам працы становіцца перапісванне створанага тэксту начыста.

Магчымасці пераказу ў фарміраванні камунікатыўных уменняў будуць паспяхова рэалізаваны толькі пры ўмове сістэматычнага выкарыстання на ўроках беларускай мовы розных відаў навучальных пераказаў, практыкаванняў і асобных заданняў, якія садзейнічаюць фарміраванню навыкаў звязнага маўлення.

 

Рэкамендаваная літаратура

 

  1. Методыка выкладання беларускай мовы: вучэб. дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей устаноў, якія забяспечваюць атрыманне выш. адукацыі / М.Г. Яленскі [і інш.]. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2007. – 448 с.
  2. Ляшчынская, В.А. Методыка выкладання беларускай мовы : вучэб. дапам. / В.А. Ляшчынская, З.У. Шведава. – Мінск : РІВШ, 2007. – 252 с.
  3. Беларуская мова : навучальныя і кантрольныя пераказы : 5 – 9 класы : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г.М. Валочка [і інш.]. – Мінск : Аверсэв, 2012. – 219 с.
  4. Беларуская мова. Пераказы з дадатковымі заданнямі : 8 – 9 класы : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / склад. Г.М. Валочка [і інш.]. – Мінск : НІА : Аверсэв, 2017. – 128 с.
  5. Валочка, Г.М. Пераказ як сродак фарміравання ў вучняў навыкаў звязнага маўлення / Г.М. Валочка // Роднае слова. – 2011. – № 10. – С. 53 – 57.
  6. Валочка, Г.М. Методыка правядзення розных відаў пераказаў пры навучанні беларускай мове / Г.М. Валочка // Роднае слова. – 2011. – № 11. – С. 49 – 53.