РУС БЕЛ ENG

Інфармацыя аб музеі “Вытокі” дзяржаўнай установы адукацыі “Гервяцкая сярэдняя школа”

Гісторыка-этнаграфічны музей “Вытокі” дзяржаўнай установы адукацыі “Гервяцкая сярэдняя школа” створаны ў 2015 годзе. Ён з’яўляецца адным з асноўных рэсурсаў у выхаваўчай сістэме ўстановы адукацыі.

          Музей мае пяць пастаянных раздзелаў экспазіцыі:

  • “Тут ажываюць сівой гісторыі старонкі”;
  • “Касцёл Святой Тройцы”;
  • “Ішла вайна народная”;
  • “Людзей працы мы шчыра славім”;
  • “Школа: мінулае і сучаснае”.

Адна экспазіцыя – зменная, і ў свой час змяшчала інфармацыю разнастайнай тэматыкі: “Ручнік як сувязь пакаленняў”, “Рэха Афганскай вайны”, “Чарнобыль – чорны боль”, “17 лістапада – дзень народнага адзінства”.

          Экспазіцыя “Тут ажываюць сівой гісторыі старонкі” змяшчае гістарычныя звесткі, звязаныя з гісторыяй паходжання Гервят і навакольных вёсак, а таксама звесткі аб жыцці былых уладальнікаў маёнтка паноў Дамэйкаў. У экспазіцыі змешчаны прадметы побыту, прылады працы, дакументы нашых продкаў.

“Касцёл Святой Тройцы” – гэта экспазіцыя, прысвечаная гісторыя стварэння касцёла ў Гервятах, які стаў шырока вядомым турыстычным аб’ектам. Экскурсаводы музея праводзяць для наведвальнікаў экскурсіі як на базе музея, так і ў касцёле Святой Тройцы.

          Падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Гервяччыне, звесткі пра ветэранаў-землякаў  адлюстраваны ў экспазіцыі “Ішла вайна народная”. Асобнае месца займае інфармацыя пра А. А. Галагаева – ветэрана вайны і працы, былога старшыню калгаса “Рассвет”, пад кіраўніцтвам якога калгас дасягнуў высокіх паказчыкаў і быў занесены на Дошку гонару ВДНГ у Маскве.

          Звесткі пра калгас і калгаснае жыццё, лепшых калгаснікаў-працаўнікоў, дасягненні гаспадаркі дзясяткі год таму і на сучасным этапе можна знайсці ў музейнай экспазіцыі “Людзей працы мы шчыра славім”.

          Гісторыя стварэння і развіцця Гервяцкай СШ, звесткі пра кіраўнікоў і педагогаў установы, падручнікі, сшыткі, класныя журналы і іншыя школьныя рэчы прадстаўлены ў экспазіцыі “Школа: мінулае і сучаснае”.

На базе музея практыкуецца правядзенне інтэрактыўных экскурсій – экскурсійных праграм, у якіх дзеці не толькі слухаюць экскурсаводаў, але і самі прымаюць удзел у мерапрыемстве. Напрыклад, спрабуюць сябе ў ролі селяніна, гаспадыні сялянскай сядзібы, Вадзяніка, настаўніка 50-ых гадоў. Членамі Савета музея распрацаваны шэраг такіх экскурсій: “Гервяцкія гісторыі”, “Як казала Галя Мані…”, “На школьным парозе”.

Прыязджайце – і самі ўсё ўбачыце!