Гульня – справа сур’езная
Аўтар: Юшкявічэне Алена Эдвардаўна,
класны кіраўнік 4 класа
дзяржаўнай установы адукацыі
“Гервяцкая сярэдняя школа”
Напэўна, я не адкрыю Амерыку, калі скажу, што адна з галоўных праблем сучаснасці – гэта духоўны крызіс. Сёння цяжка выбраць ідэал, на які можна арыентавацца, цяжка распазнаць, дзе сапраўдная дабрыня, а дзе зло. Сапраўдныя духоўныя каштоўнасці падменьваюцца ілжывымі. Крызіс духоўнасці пазбаўляе сэнсу жыццё нашых нашчадкаў. Як жа раскрыць сэнс духоўных каштоўнасцей сучасным школьнікам? Як стварыць умовы для эфектыўнага засваення пачаткоўцамі асноў духоўна-маральнай культуры і далучэння іх да гуманістычных, агульначалавечых каштоўнасцей? Пошук адказаў на гэтыя пытанні прывёў мяне да гульні, якая з’яўляецца дзейнасцю, найбольш спрыяльнай для засваення малодшымі школьнікамі. У гульні дзеці атрымліваюць першыя ўрокі гуманістычных узаемаадносінаў: аказаць дапамогу, падтрымку, не заставацца абыякавым, быць эмацыянальным; вучацца ўзаемадзейнічаць адзін з другім і г.д.
“Усе гульні, - як адзначае В.В.Зянькоўскі, - напоўнены сацыяльным зместам. Дзеці заўсёды гуляюць у “чалавека”, гульні служаць сродкам уваходу ў чалавечыя адносіны, ва ўсе неабходныя багацці сацыяльнага жыцця”. У гэтым і заключаецца галоўная значнасць і каштоўнасць у гуманістычным выхаванні.
Што ж такое гульня? На мой погляд, адказ на гэта пытанне наступны. Найперш гульня - гэта жыццёва важнае запатрабаванне дзіцяці, якое пазнае свет.
Гульня – спосаб самасцвярджэння і самарэалізацыі дзяцей. Пагадзіцеся, што далёка не кожнаму дзіцяці розныя віды дзейнасці даюць актыўныя ролі. Гульні ж даступны ўсім, і гульня такім чынам дае магчымасць кожнаму паказаць сябе, самазацвердзіцца, і ў той жа час гульня можа быць уключана ва ўсе віды дзейнасці.
Гульня – сродак стварэння і падтрымкі станоўчага эмацыянальнага фону ў дзіцячым калектыве, яна стварае добры настрой, будучы “школай радасці” для кожнага дзіцяці.
Гульня выконвае камунікатыўную функцыю і вучыць дзяцей зносінам паміж сабой і дарослымі.
І, зрэшты, гульня можа змяніць адносіны чалавека да самаго сябе і акружаючых, фарміруе культуру пачуццяў, садзейнічае фарміраванню станоўчых духоўна-маральных якасцей асобы.
Упэўнена, што база для фарміравання перакананняў закладваецца ў пачатковай школе. Гульня тут выступае эфектыўным сродкам. Яна дае магчымасць так арганізаваць выхаваўчае ўздзеянне, каб яно было яркім, уражлівым і даказвала правільнасць тых ці іншых палажэнняў, дзеянняў, а, магчыма, і ўсёй практыкі жыцця. Неабходна ўлічваць яшчэ адзін момант: малодшы школьнік многае лічыць пераканальным толькі таму, што пра гэта гаворыць дарослы, які для яго з’яўляецца аўтарытэтам. У гэтым выпадку вялікае ўздзеянне на фарміраванне перакананасці малодшых школьнікаў аказвае ярка выражаная пераканальнасць і асабісты прыклад педагога. Слова настаўніка павінна заўсёды папярэднічаць гульні, у неабходных выпадках суправаджаць увесь гульнёвы працэс або ісці адразу пасля гульні.
Для фарміравання перакананняў у малодшых школьнікаў вялікае значэнне мае асабісты жыццёвы вопыт. З гэтага боку і неабходна разглядаць гульню. Яе трэба не толькі арганізаваць, але і правільна правесці. У дадзеным выпадку дзіця павінна выступаць яе суарганізатарам, прымаць удзел у размеркаванні роляў, выпрацоўцы правілаў гульні, праводзіць аналіз і абмяркоўваць вынікі. Інакш кажучы, неабходна ставіць дзіця ў пазіцыю ісці шляхам этычных каштоўнасцей гульні, што і вызначае яго паводзіны.
Спынімся на гульнях, накіраваных на фарміраванне маральна-этычных перакананняў. Возьмем, напрыклад, гульні са словамі або тэкставымі карткамі.
Дзецям раздаюцца карткі з тэкстам або асобным словам, словазлучэннем. Калі тэкст не дапісаны, прапаную яго прадоўжыць, а па закончанай фразе выказаць сваё меркаванне.
Напрыклад, картка з недапісанай фразай “Я іду і бачу: хтосьці забыў кнігу…” мае патрэбу ў дапаўненні. Змястоўных варыянтаў вельмі шмат, яны нараджаюцца падчас заняткаў з дзецьмі.
Яшчэ нам падабаецца гуляць у “Чароўную бальніцу”. Прашу дзяцей уявіць, што яны – урачы чароўнай бальніцы, якая лечыць ад лені, хітрасці, сквапнасці, зайздрасці, злосці і г.д.
Дзеці выбіраюць па адной адмоўнай якасці і прыдумваюць рэцэпт і рэкамендацыі, як дапамагчы людзям пазбавіцца ад гэтай якасці. Ад вучняў можна ўчуць шмат цікавых меркаванняў. Вось, напрыклад, рэцэпт ад лені, аўтарам якога з’яўляецца вучань 4 класа Коцяш Андрэй. Кожны дзень раніцай выпівайце напітак з пладоў шыпшыны і некалькіх кропляў эліксіра працавітасці. Удзень праз гадзіну пасля прыёма ежы некалькі разоў пацягніцеся і гучным голасам вымавіце ўсе, што патрэбна зрабіць. Перад сном неабходна запісаць усё, што зроблена, і скласці план дзеянняў на наступны дзень. Затым патрэбна выпіць шклянку малака для добрага сну. Дарэчы, сваім рэцэптам Андрэй падзяліўся з бацькамі на бацькоўскім сходзе “Маральныя каштоўнасці нашай сям’і”.
Ці гульня “Пяшчотныя крокі”. З групы дзяцей выбіраюцца два чалавекі. Дзеці становяцца адзін супраць другога на адлегласці 12 – 16 крокаў. Правілы гульні: крок можна зрабіць толькі тады, калі скажаш пяшчотнае слова. Можна задаць тэму: пяшчотныя словы для мамы; словы суцяшэння і інш.
Падчас гульні “Калі ўсе будуць добрымі” дзецям раздаюцца карткі з назвамі розных якасцей. Яны павінны, не называючы сваю якасць, расказаць аб тым, што зменіцца ў жыцці людзей, калі кожны будзе мець гэтую якасць. Па расказу адзін другога дзеці павінны адгадаць, аб якіх якасцях ідзе гаворка.
Адна з любімых нашых гульняў – гульня “Чароўнае крэсла”. Дзеці становяцца ў круг, у цэнтры якога размешчана крэсла. Дзеці ідуць па кругу і спяваюць:
Кто сегодня всех красивей?
Кто сегодня всех счастливей?
Поскорее появись!
На волшебный стул садись!
Па чарзе дзеці сядаюць на чароўнае крэсла. Кожны па крузе павінен сказаць пра таго, хто сядзіць на крэсле, нешта добрае і прыемнае.
Перад гульнёй я гавару дзецям пра тое, што чароўнае крэсла ўмее дарыць дзецям добрыя якасці і, наадварот, забірае ў іх усе дрэннае. Але каб убачыць гэта, патрэбна глядзець чароўнымі вачыма на таго, хтоя сядзіць на чароўным крэсле.
Асобае месца ў маёй педагагічнай практыцы займаюць гульні, якія ствараюцца самімі дзецьмі. Іх называюць ролевымі і сюжэтна-ролевымі. У гэтых гульнях дзеці ўзнаўляюць у ролях усё тое, што бачаць вакол сябе ў жыцці і дзейнасці дарослых. Перайманне дарослых у гульні звязана з работай уяўлення, фантастыкі. Дзіця не капіруе рэчаіснасць, яно камбінуе розныя жыццёвыя ўрожанні з асабістым вопытам. Спачатку яму неабходна выбраць задуму гульні і знайсці сродкі для яе рэалізацыі, затым выбраць сваё месца ў гэтай гульні. Важнейшая ўмова паспяховага кіраўніцтва гульнямі – уменне наладзіць давер дзяцей, усталяваць з імі кантакт. Гэта дасягаецца толькі ў тым выпадку, калі выхавальнік адносіцца да гульні са шчырай цікаўнасцю, разумее замыслы дзяцей, іх перажыванні. Такому выхавальніку дзеці ажвотна расказваюць пра свае планы, просяць дапамогі. Умешванне дарослага ў гульню калі-нікалі патрэбна для таго, каб задаць гульні патрэбны накірунак. Умешванне будзе паспяховым, калі у выхавацеля даверлівыя адносіны з дзецьмі. Дзіця раскрываецца ў працэсе гульні, і назіранне за ім дапаможа выхавацелю ўбачыць розныя рысы характару дзіцяці. Асноўны шлях выхавання ў гульні – уплыў на яе змест, гэта значыць на выбар тэмы, развіццё сюжэта, размеркаванне ролей і на рэалізацыю гульнёвых вобразаў.
Прапаную ў якасці прыклада гульню, якая спрыяе фарміраванню культуры паводзін, з наступным сюжэтам: “Прыпынак аўтобуса. Ідзе моцны дождж. Ты стаіш пад парасонам. Побач – чалавек без парасона…” Сюжэт развіваецца ў розных варыянтах: “з парасонам дзяўчынка – без парасона хлопчык”, “з парасонам хлопчык – без парасона дзяўчынка”, “з парасонам дарослы – без парасона школьнік” і г.д..
Пры арганізацыі гульні “На караблі” дзялю вучняў на тры групы: матросы, капітаны, пасажыры. Затым прапаную група некалькі сітуацый: карабель натыкнуўся на падводны камень; капітан захварэў; у аднаго з пасажыраў прапала дзіця.
Кожная група павінна адказаць, як павінен паводзіць сябе ў тыі ці іншыі выпадку капітан, матрос ці пасажыр карабля, каб на караблі не ўзнікла панікі.
“Добрая казка”. Прашу дзяцей уявіць, што ў кнізе казак усе казкі захацелі, каб у іх былі толькі тыя героі, якія рабілі добрыя ўчынкі. Затым дзеці выбіраць дзве вядомыя казкі і складаюць з іх адну такім чынам, каб адмоўныя героі дзвюх казак рабілі ў её толькі добрыя ўчынкі.
Напрыклад: казка пра Чырвоную Шапачку і казка пра трох Парсючкоў: “Аднойчы Чырвоная Шапачка пайшла да бабулі. Па дарозе яна сустрэла ваўка, які працаваў лясным урачом. Воўк расказаў ёй, што ідзе ў домік да парсючкоў, таму што яны захварэлі на грып” і г.д..
Асобна хачу спыніцца на гульнях, якія прызваны вучыць дзяцей пераадольваць канфлікты, узаемадзейнічаць з акружаючымі. З канфліктамі сутыкаемся пастаянна, і таму вельмі важна знаходзіць з іх выхад, які б задаволіў абодва канфліктуючыя бакі. Але каб зрабіць гэта, важна зразумець,што ўмець вырашаць канфлікты – гэта значыць мець гэта жаданне, умець прагназаваць далейшае развіццё аносін з другім чалавекам, аддаючы перавагу пры этым тому ці іншаму спосабу вырашэння канфліктаў. Гульня “Шпак” дапамагае школьнікам пазітыўна, адэкватна і аптымальна, не наносячы псіхалагічных траўм другому, вырашаць канфлікты.
Сюжэт гульні: у “шпакоўні” позняй восенню пасяляюцца тры “вераб’і”. “Вераб’і” павінны “абсталяваяць свой домік, абжыць” яго так, ім было добра і ўтульна жыць разам.
Але прыйшла вясна, з цёплых краін вярнуліся дадому тры “шпакі”. Яны падляцелі да свайго доміка і ўбачылі, што ён заняты “вераб’ямі”.
Далей дзецям даецца магчымасць нейкі час дзейнічаць самастойна. Гульня заканчваецца, як толькі “вераб’і” і “шпакі” прыдуць да нейкага сумеснага рашэння: або “шпакі” выганяць “вераб’ёў” са шпакоўні; або дамаўляюцца жыць разам; або “шпакі” дапамагаюць “вераб’ям” знайсці другі домік і ўладкавацца там, а таксама дамовіцца, што зімой “вераб’і” могуць зноў яго заняць; або “шпакі” увогуле пакідаюць гэта месца; або другі варыянт.
Тут важна зрабіць выснову, што ў канфлікце заўсёды неабходна ўбачыць і зразумець пазіцыю другога і шукаць спосаб вырашэння разам.
Такім чынам, гульні, якія разгледжаны вышэй, па-першае, мадэліруюць жыццёвыя сітуацыі; ствараюць умовы для ўзаемадзеяння і ўзаемадапамогі; адкрываюць прастору для фантазіі, імправізацыі; садзейнічаюць больш эфектыўнаму праяўленню тых станоўчых якасцей, якія ёсць у дзяцей.
Па-другое, зносіны ў гульнях засноўваюцца на ўзаемадзеянні, супрацоўніцтве і сутворчасці таго, хто выхоўвае, і таго, каго выхоўваюць. У працэсе гульні па меркаваннях, выказваннях дзяцей можна ўбачыць, якія ўяўленні склаліся ў іх у адносінах да розных з’яваў, адносін людзей.
Па-трэцяе, у працэсе гульнёвай дзейнасці і гульнёвых зносін звязкай выступаюць адносіны. Яны з’яўляюцца сістэмаўтваральным фактарам у духоўна-маральным выхаванні малодшых школьнікаў. Іменна адносіны “ачалавечваюць” гульнёвую дзейнасць, надаюць ёй пераўтваральны характар і адухаўляюць зносіны.
Усё вышэйсказанае дазваляе зрабіць вынік, што гульня – гэта эфектыўны сродак выхавання малодшых школьнікаў у цэлым, іх духоўна-маральных якасцей у прыватнасці. Тым больш, што сёння з выхаваўчай практыкі знікаюць спадарожнікі дзяцінства: гульні, забавы, фантазія, мара, казка. А менавіта ў гульні, як сцвярджаў А.С.Макаранка, праяўляюцца і фарміруюцца дзеці-арганізатары. А тыя, хто гуляе, вучацца падпарадкоўвацца пэўным правілам, нормам паводзін, усталяваным у грамадстве.